Пастанову Савету міністраў аб зьмене ягонай жа пастановы ад 28 лістапада 2012 году прынялі ў сярэдзіне траўня. Дакумэнт датычыць правілаў добраўпарадкаваньня населеных пунктаў і ўжо нарабіў нямала шуму сярод уласьнікаў прыватных дамоў і сядзібаў. Рэч у абавязку скошваць траву кожны раз, калі яе вышыня дасягае 20 сантымэтраў. Аўтары новай пастановы называюць гэта «абавязкам забясьпечваць належны санітарны стан участкаў».
Паводле дакумэнту, уласьнікі сядзібаў і зямельных участкаў павінны касіць траву ня толькі на сваёй тэрыторыі, але і ля дарог і бровак побач з участкам. А таксама за 10 мэтраў ува ўсе бакі ад яго. Калі гэтага не зрабіць, то пагражае штраф у 25 базавых велічыняў (1050 рублёў на 18 чэрвеня). За адмову скошваць траву на ўласнай тэрыторыі могуць аштрафаваць крыху менш — на 20 базавых (840 рублёў). Ранейшая вэрсія правілаў добраўпарадкаваньня, якія дзейнічалі ў Беларусі да 16 траўня 2025 году, штрафаў за высокую траву не прадугледжвала.
«Касіў два разы на год і буду касіць»
Новаўвядзеньне ўжо выклікала хвалю жартаў і абурэньняў у TikTok. Паказалі сюжэт пра неабходнасьць касіць траву і ў дзяржаўнай тэлевізіі. Беларусаў тым часам хвалюе ня толькі тое, чаму яны павінны нешта рабіць на сваёй зямлі, але яшчэ і эканамічны бок пытаньня.
«Абкасіць увесь участак каштуе недзе каля 200 рублёў, — расказаў у размове з Свабодай адзін з вяскоўцаў. — Я звычайна наймаў чалавека, самому і цяжка, і ня так добра зробіш. Трымэр трэба купляць. Наймаў на пачатку лета і восеньню, перад зімой. Але калі так рабіць, то трава, вядома, вышэйшая за 20 сантымэтраў расьце. Я пакуль вырашыў нічога не мяняць. Касіў два разы на год і буду касіць».
З словаў суразмоўцы, падобныя настроі і ў іншых жыхароў яго паселішча. Участкі ў большасьці прыкладна роўныя стандартным 25 соткам. Нехта мае па 2 ці нават 3 дамы, якія засталіся ад памерлых сваякоў у суседніх вёсках. Калі імкнуцца адпавядаць новым патрабаваньням і касіць усё ўласнаручна — займацца гэтым можна ўсё лета без перапынку. Калі наймаць кагосьці з трымэрам — будзе вельмі дорага.
У інтэрнэце не бракуе прапановаў паслуг касцоў. Звычайна яны каштуюць каля 10 рублёў за сотку. Канчатковая цана за ўчастак залежыць ад памеру ўчастку і ступені яго затравеласьці.
У адным з сельсаветаў, куды Свабода зьвярнулася пад выглядам мясцовага жыхара з пытаньнем, як зараз чыноўнікі будуць кантраляваць вышыню травы, адказаць на яго не змаглі. Аднак паведамілі, што новыя правілы ўжо насамрэч дзейнічаюць і касіць траву трэба абавязкова на ўчастку і побач з ім.
Умяшаньне ў прыватнае жыцьцё
На пытаньне, ці сапраўды траву на прыватных участках неабходна скошваць да ўзроўню 20 сантымэтраў, у размове з Свабодай на ўмовах ананімнасьці паразважаў эколяг Андрэй (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС). Паводле яго, абавязак касіць траву побач з сваім уласным домам можна палічыць умяшаньнем у прыватнае жыцьцё.
«Прыватная зямля — гэта прыватная зямля, — зьвяртае ўвагу эколяг. — Калі там нешта адбываецца, што не перашкаджае функцыянаваньню населенага пункту, не выглядае брыдка, то яно можа адбывацца. Нельга абавязаць касіць траву ці нешта іншае. Але ў Беларусі ўсё зарэгулявана і гэтыя правілы часта ўваходзяць у прыватнае жыцьцё людзей. Калі аб’яўлена добраўпарадкаваньне, то ёсьць людзі, якія павінны добраўпарадкаваць».
Як кажа Андрэй, чыноўнікі маглі прыняць рашэньне пра абавязковы максымум у 20 сантымэтраў для травы, не правёўшы папярэдне ніякіх дасьледаваньняў. У эколягаў увогуле няма агульнапрынятага навуковага стандарту, што да вышыні травы на прыватных участках ці нават неабходнасьці яе акуратна скошваць.
«Ну гэта ж як яблыкі зьбіраць у сваім садзе, — працягвае экспэрт. — Трэба гэта рабіць ці ня трэба? Яны могуць сабе спакойна вісець на дрэвах і падаць, нічога ня здарыцца дрэннага. Трава таксама расьце сабе, нікому яна не перашкаджае. Дзьмухаўцы хіба што могуць разьлятацца па навакольлі. Але ў Беларусі ж трэба ўсё зарэгуляваць. Ніхто ня скардзіцца, у суд не падае — улады лезуць і ў траву. У нармальным грамадзтве такога б не адбылося. Людзі пачалі б скардзіцца, падавалі б у суд».
«Хочацца, каб усё добра выглядала»
Адкуль магла ўзяцца велічыня 20 сантымэтраў? З чаго менавіта гэта вынікае і хто мог гэта прыдумаць? Эколяг мяркуе, што глыбока разьбірацца ў гэтым ня варта. Ніякіх навуковых стандартаў пакосу травы ля прыватных сядзібаў не існуе.
«Я ня ведаю, чаму 20 сантымэтраў, — кажа Андрэй. — Маю вэрсію, што гэта максымальная даўжыня, якую можа чыноўнік на месцы рукой памераць. Альбо школьная лінейка — яна таксама часта 20 сантымэтраў. Стандарт такі. Вось яны так і прыдумалі. Не існуе навуковага абгрунтаваньня гэтай велічыні, маўляў, калі вышыня травы 25 сантымэтраў, то яна пачынае каласіцца, а калі 15 — яшчэ не».
Андрэй кажа, што калі адкінуць жарты, то ў суседняй зь Беларусьсю Польшчы зараз цалкам адваротны трэнд. Гарадзкія ўлады нават у парках пачынаюць пакідаць участкі, дзе чалавечае ўмяшаньне мінімальнае. Там ня косяць траву, не прыбіраюць апалае лісьце, не падымаюць зь зямлі галінкі дрэваў.
«Ува ўсёй Эўропе ідзе гаворка, каб пакідаць больш месца для прыроды ў гарадах і іншых месцах, дзе чалавек жыве, — гаворыць эколяг. — У парках часта нават калі трэба сьпілаваць дрэва, яго пакідаюць ляжаць там жа, на месцы. Ёсьць куточкі, дзе пазначана, што траву там сьвядома не косяць. Для кузурак ставяць адмысловыя хаткі. Такі трэнд па ўсёй Эўропе: яны, наадварот, стараюцца не касіць там, дзе можна не касіць».
Пагатоў там ніхто ня лезе ў прыватную зямлю, дадае Андрэй. Паводле яго назіраньняў, ініцыятыва ўладаў Беларусі можа быць зьвязаная з тым, што ў краіне ўсё больш закінутых вёсак з апусьцелымі сядзібамі. Якія могуць муляць вока чыноўнікам розных узроўняў.
«Вёскі паміраюць, а чыноўнікам хочацца, каб там усё добра выглядала, — мяркуе экспэрт. — Прырода наступае. Сэнсу касіць там вялікага няма, людзі там не жывуць. Але кожны чыноўнік на сваім месцы баіцца быць прыцягнутым да адказнасьці. Перажывае, што прыедзе нехта вышэйшы і яму не спадабаецца. А так — парадачак. Будуць хадзіць, выпісваць штрафы».
Форум