У Белавескай пушчы знайшлі рэдкі від расьлінаў

Балотнае вужава зельле (Ophioglossum valgatum)

У часе палявых дасьледаваньняў супрацоўнікі навуковага аддзелу Белавескай пушчы знайшлі буйную папуляцыю балотнага вужавага зельля (Ophioglossum vulgatum), раней не фіксаваную.

У папуляцыі адзначана каля 70 расьлінаў, якія растуць у высокай траве на ўскрайку лесу, які складаецца зь бярозы пухнатай і алешыны звычайнай.

Балотнае вужава зельле — даволі незвычайная і рэдкая шматгадовая папараць зь сямейства вужоўнікавых, якое становіць сабой старажытную, эвалюцыйна адасобленую галіну расьлінаў. Вонкава і сваёй будовай яна істотна адрозьніваецца ад большасьці вядомых папарацяў, вылучаецца ўнікальным становішчам у эвалюцыйнай гісторыі.

Ophioglossum vulgatum

Балотнае вужава зельле можа не прарастаць па некалькі гадоў і жыць пад пластом глебы, сілкуючыся за кошт сымбіёзу з грыбамі. Лісьце простае і непадзеленае, больш падобнае на ландыш або майнік, чым на тыповую папараць. Спораносныя органы (спарангіі) разьмешчаныя на адмысловай частцы ліста, якая формай нагадвае невялікі колас. Усё гэта значна ўскладняе пошукі віду ў дзікай прыродзе.

Від уваходзіць у сьпіс расьлінаў Чырвонай кнігі, якія маюць патрэбу ў прафіляктычнай ахове. Сьпіс стварылі для недастаткова вывучаных і рэдкіх відаў флёры Беларусі, якія патрабуюць увагі, маючы высокі глябальны прыродаахоўны статус, і з шэрагу іншых прычынаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы знайшлі расьліны, якія лічыліся зьніклымі ў Беларусі