Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Келаг плянуе наведаць Беларусь, — Reuters

Кіт Келаг (Keith Kellogg), архіўнае фота

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг плянуе ў бліжэйшыя дні наведаць Беларусь, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters з спасылкай на чатыры інфармаваныя крыніцы. Паводле іх, візыт выкліканы тым, што перамовы аб спыненьні агню паміж Украінай і Расеяй застаюцца безвыніковымі.

Калі Кіт Келаг сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, ён стане найвышэйшым службоўцам ЗША, які наведае Беларусь за апошнія гады. Дакладны парадак дня сустрэчы невядомы, хоць Келаг у прыватных размовах назваў гэтую паездку крокам, які можа дапамагчы распачаць мірныя перамовы, накіраваныя на спыненьне вайны Расеі супраць Украіны, паведамілі дзьве ананімныя крыніцы.

Дзяржаўны дэпартамэнт і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне адмовіліся ад камэнтароў. Белы дом не адказаў на запыты аб камэнтарах.

Плянаваньне такіх паездак патрабуе старанных перамоваў, і ня выключана, што паездка можа быць скасаваная або зьмененая ў апошні момант, адзначае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Менск падтрымаць незалежнасьць Беларусі і нармалізаваць адносіны

У 2020 годзе, падчас першага тэрміну Дональда Трампа, дзяржаўны сакратар Майк Пампэо наведаў Беларусь, і гэта быў найвышэйшы за апошнія 20 гадоў узровень візыту прадстаўніка ЗША ў краіну Ўсходняй Эўропы. Паездка была часткай кампаніі першай адміністрацыі Трампа, накіраванай на паляпшэньне дачыненьняў зь Беларусьсю ў той час, калі дачыненьні паміж Менскам і Масквой знаходзіліся ў найніжэйшым пункце.

Наступнік Трампа, прэзыдэнт-дэмакрат Джо Байдэн, зьмяніў курс пасьля беларускіх выбараў 2020 году, якія міжнародныя назіральнікі асудзілі як несвабодныя і несправядлівыя. Пасьля выбараў адбыліся масавыя вулічныя пратэсты, якія былі жорстка задушаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за заявай МЗС пра гатоўнасьць да дыялёгу з ЗША? Тлумачаць Мажэйка і Кавалеўскі