16–17 чэрвеня ў Стакгольме прайшоў форум «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025». На форуме абмяркоўваюць палітычнае лідэрства, абарону правоў чалавека і запуск Праграмы жаночага лідэрства для Беларусі, удзельніцамі якой сталі дзесяць беларусак. Якія вострыя пытаньні задавалі на форуме і як на іх адказвалі?
Прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Зазулінская зьвярнулася на адной з панэляў з пытаньнем, калі ў лідэркі дэмакратычных сілаў Сьвятланы Ціханоўскай галоўным дарадцам будзе жанчына, чаму жанчыны ў яе толькі асыстэнткі і чаму за пяць гадоў так і не зьявілася жанчына — галоўная дарадца.
Франак Вячорка адказаў, што пра гэта лепей запытацца ў Сьвятланы Ціханоўскай, якой у той час не было на дыскусіі, і што, найхутчэй, гэта зьвязана зь бясьпекай.
Пасьля панэлі Свабода зьвярнулася да Вячоркі, Зазулінскай і Ціханоўскай па тлумачэньні.
Вольга Зазулінская (зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская на форуме
Вольга Зазулінская сказала Свабодзе, што «ёсьць адчуваньне шкляной столі, калі гаворым пра дэмакратычныя структуры і цэнтры».
— Жанчыны нібыта ёсьць, але яны не даходзяць да вядучых пазыцыяў. Цягам пяці гадоў у нас ёсьць мужчыны — дарадцы Ціханоўскай — і ёсьць асыстэнткі-жанчыны, і няма ніводнай жанчыны-дарадцы. (Насамрэч сярод дарадцаў Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць дзьве жанчыны — Маргарыта Ворыхава, дарадца ў пытаньнях моладзевай палітыкі і студэнцтва, і Тацяна Шчытцова, дарадца ў пытаньнях адукацыі й навукі. — РС). Гэта тое, што мяне хвалюе. Мы павінны публічна гаварыць пра гэта. Я спадзяюся, што ў нас дастаткова жанчын, якія могуць прыйсьці ў палітыку.
Франак Вячорка
Старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды бальшыня дарадцаў Ціханоўскай — мужчыны.
— І гэта вялікая праблема. Але непублічныя супрацоўнікі — у бальшыні жанчыны. Праблема ў тым, што часта вельмі моцныя, здольныя жанчыны, які могуць кіраваць, не гатовыя рабіць гэта публічна. Мы штурхаем, натхняем, Сьвятлана прапануе ім гэта. Але вялікая праблема — бясьпека. Сваякі ў Беларусі, дзеці, ціск рэжыму. Гэта стрымлівае многіх жанчын. Таму на публічныя ролі часам выходзяць мужчыны, якім ужо няма чаго траціць, якія ўжо «старыя зубры» і гатовыя браць на сябе публічную функцыю. Я думаю, што гэта вынік рэпрэсіўнай атмасфэры, якая пануе ў Беларусі, і вынік трансьмежавых рэпрэсіяў.
Сьвятлана Ціханоўская выступае на форуме
Вось што сказала Свабодзе Сьвятлана Ціханоўская пра брак жанчын сярод дарадцаў.
— Я хачу сказаць, што дастаткова цяжка працаваць у Офісе. Там працуюць людзі, якія ахвяруюць асабістым жыцьцём, вольным часам, якія гатовыя працаваць 24 гадзіны на содні. Часьцей за ўсё ў жанчын ёсьць дзеці, і ня могуць яны ўвесь свой час прысьвячаць працы. Тая ж Вольга Зазулінская з гэтай катэгорыі людзей. Яна таксама працуе бесьперапынна. Гэта цяжка вытрымаць. Мы ніколі не абвяшчалі адкрыты конкурс на пасаду дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта людзі, якія сваім прыкладам паказваюць, што могуць працаваць, ахвяраваць. Мы ня можам забясьпечыць камфортную працу ў Офісе. Гэтая праца вельмі самаахвярная. Калі ёсьць людзі, якія думаюць, што могуць у такім тэмпе працаваць, у якіх ёсьць досьвед і разуменьне, як рабіць лепей, дык welcome.
Юлія Міцкевіч выступае на форуме
Аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, гаворыць адна з арганізатарак першага Беларускага жаночага форуму ў Стакгольме Юлія Міцкевіч:
— Жанчыны зрабілі вялікі ўклад у падзеі 2020 году. Яны і дагэтуль робяць вялікую працу, але часта іх праца нябачная. Жанчыны робяць двайную працу, гэта ў тым ліку і клопат пра сваю сям’ю. Жанчыны валянтэраць больш, чым мужчыны. Яны займаюць менш бачныя і статусныя пасады. Так, ня трэба жыць 2020 годам, але 2020 год даў жанчынам і мужчынам той запал, які ёсьць дагэтуль, тую веру і спадзеў на нашу перамогу, на нашу дэмакратычную будучыню. Мы працуем і цяпер, і жанчыны робяць шмат чаго. Жанчынам дасюль небясьпечна гэта рабіць. Да жанчын больш прэтэнзіяў, больш пытаньняў. На зьнешнасьць зьвяртаюць больш увагі, чым на тое, што яны кажуць і робяць.
Наконт стэрэатыпаў выказаўся і старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка:
— Ёсьць стэрэатып, што жаночы рух узьнік пасьля 2020 году. Гэта няпраўда, да 2020 году было вельмі шмат ініцыятываў, праектаў. 2020-ы проста выплеснуў усю гэтую энэргію, усё напрацаванае ў публічную прастору. І сьвет пабачыў ролю беларускіх жанчын у грамадзянскай супольнасьці і палітыцы. Я памятаю, калі яшчэ быў дзіцём у 1990-я, жанчын у палітыцы, у грамадзкім жыцьці. Мая маці кіравала рыцарскім клюбам, праводзіла фэстывалі, «строіла» ўсіх мужчын — актывістаў. Гэта ўсё было, разьвівалася, перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне. Вельмі добра, што цяпер ёсьць новая якасьць і рэпрэзэнтацыйнасьць жанчын ня толькі ў грамадзкім сэктары, але і ў палітыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны добрыя на доўгіх дыстанцыях». Як зьмянілася роля жанчын у палітыцы пасьля 2020 году