Расейскага мільярдэра Самвэла Карапэцьяна абвінавацілі ў Армэніі ў закліках да захопу ўлады і затрымалі

Збор людзей каля будынка Сьледчага камітэту Армэніі, куды дастаўлены Карапэцьян, 18 чэрвеня 2025 году

Расейскі мільярдэр Самвэл Карапэцьян абвінавачаны ў Армэніі ў публічных закліках да захопу ўлады. Сьледчы камітэт краіны накіраваў у суд хадайніцтва аб ягоным арышце. Пра гэта паведамляе Армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на ягонага адваката Армэна Фэраяна.

59-гадовы мільярдэр, ураджэнец Армэніі Самвэл Карапэцьян асноўны бізнэс вядзе ў Расеі. Учора ў інтэрвію News. am ён выступіў у абарону Армянскай апостальскай царквы, якую апошнім часам рэзка крытыкуе кіраўнік ураду Нікол Пашыньян.

Карапэцьян — прэзыдэнт групы кампаній «Ташыр», якая займаецца, пераважна, будаўніцтвам і кіраваньнем камэрцыйнай нерухомасьцю. Forbes ацэньвае яго багацьце ў 3,6 мільярда даляраў.

Напярэдадні ў доме Карапэцьяна ў Ерэване прайшоў ператрус. Падтрымаць мільярдэра прыйшлі некалькі апазыцыйных дэпутатаў армянскага парлямэнту, паведамлялі мясцовыя СМІ. Мільярдэр не прызнае віну. Сёньня ён быў затрыманы.

Пашыньян у сераду заявіў, што ў інтэрвію бізнэсмэн зрабіў спробу «стварыць уражаньне, што нейкія людзі зь нейкіх месцаў могуць прыбыць у Армэнію і зрабіць нешта па-свойму», перадае News. am.

18 чэрвеня прэм’ер-міністар Армэніі Пашыньян паведаміў аб намеры нацыяналізаваць кампанію «Электрычныя сеткі Армэніі», якая належыць Карапэцьяну. Яна зьяўляецца манапалістам па разьмеркаваньні электраэнэргіі ў краіне.

«Нацыяналізацыя адбудзецца хутка, і я заклікаю ўсіх супрацоўнікаў добрасумленна выконваць свае працоўныя абавязкі. Пасьля нацыяналізацыі добрасумленнасьць будзе ўлічаная», — цытуе словы Пашыньяна «Інтэрфакс».

Акрамя таго, у сераду кіраўнік ураду адправіў у адстаўку дырэктара Службы нацыянальнай бясьпекі краіны Армэна Абазьяна. Ён ня стаў адказваць на пытаньне, ці зьвязаная адстаўка з затрыманьнем Карапэцьяна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Армэніі ўхваліў закон аб пачатку далучэньня да Эўразьвязу