Нецікавыя дзеці. Чаму ў Беларусі за дзесяць гадоў удвая зьнізілася нараджальнасьць

Ілюстрацыйнае фота

Беларускія ўлады ўпершыню за чатыры гады апублікавалі новую статыстыку нараджальнасьці. Пагаварылі аб прычынах яе рэзкага зьніжэньня з псыхолягам і замужняй беларускай, якая сьвядома хоча жыць у сям’і безь дзяцей.

На пачатку чэрвеня Белстат пасьля чатырохгадовага перапынку апублікаваў зьвесткі пра тое, колькі дзяцей нарадзіліся ў 2024 годзе. Паводле новых дадзеных, за апошні год у Беларусі нарадзіліся 58 939 дзяцей. Дзесяць гадоў таму нованароджаных было ўдвая больш — 118 500.

«У нас няма жаданьня мець дзяцей»

Ніна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) замужам, ёй менш за 30. У размове з Свабодай жанчына кажа, што дзяцей мець ня хоча. Узгадвае, што яшчэ ў дзяцінстве ў яе не ўзьнікала жаданьня мець сваіх дзяцей, яна пра гэта ніколі ня марыла.

«Цяпер у мяне ёсьць муж. Але ў нас абаіх на цяперашні момант няма жаданьня мець дзяцей, і мы ня думаем пра дзяцей у кантэксьце будучыні. Але абое не адмаўляем, што ў будучыні нешта зьменіцца, хоць цяпер здаецца, што не. Мы не радыкальныя ў гэтым пытаньні і не называем сябе child-free. Але, думаю, адпавядаем гэтаму паняцьцю», — дзеліцца Ніна.

Сярод прычынаў нежаданьня нараджаць дзяцей суразмоўца называе сваё няпростае дзяцінства. Яна ня хоча расказваць пра гэта падрабязна, але думае, што той пэрыяд моцна паўплываў на ейны мэнтальны стан цягам усяго жыцьця.

«Навокал я ня бачыла надта добрых прыкладаў хаця б адносна „здаровых“ сем’яў. Часта ў сем’ях бываў гвалт над дзецьмі, кепскае стаўленьне, брак нармальнага выхаваньня і залучанасьці ў жыцьцё дзяцей», — адзначае яна.

Яшчэ адну фонавую прычыну Ніна бачыць у жыцьцёвай сытуацыі пасьля 2020 году: палітычны перасьлед, тры эміграцыі, брак стабільнасьці ў жыцьці і недахоп устойлівага бачаньня будучыні.

Жанчына заходзіць у адзьдзяленьне жаночай кансультацыі №3 пры Віцебскай абласной шпітальнай радзільні. Ілюстрацыйнае фота

Суразмоўца лічыць сябе дастаткова маладой жанчынай. Яна кажа, што цяпер мае іншыя прыярытэты: вучоба, праца, думкі, як зрабіць жыцьцё больш стабільным, магчымасьць набыць сваё жытло. Дадае, што ёй цяжка нават уявіць сябе маці ў сваім узросьце, хоць яна ведае, што нараджаюць і маладзейшыя за яе.

Ніна кажа, што не абмяркоўвае з роднымі сваё стаўленьне да завядзеньня дзяцей. Яны хутчэй ня ведаюць пра ейную пазыцыю. Часам яны могуць выказаць спадзеў, што Ніна народзіць дзяцей. Суразмоўца кажа, што зь сябрамі, знаёмымі яны могуць гаварыць пра стаўленьне да дзяцей. Аднак ні ў кога зь ейнага кола сяброў дзяцей няма, як і дакладных плянаў на гэты конт.

Пры гэтым Ніна думае, што была б добрай маці, бо цікавіцца псыхалёгіяй, камунікацыяй зь людзьмі, выстройваньнем адносінаў, бо адказна ставіцца да здароўя, харчаваньня.

«Але вось дылема: самі дзеці мне не цікавыя. Хоць і спрабую ў апошнія месяцы неяк зь дзецьмі ўзаемадзейнічаць: у самалёце трэба было перадаць малое дзіця цераз праход, і я патрымала дзіця на руках. Магу памахаць дзецям у транспарце або на вуліцы ў адказ, „даць пяць“. У такі момант гэта нават можа здавацца мілым», — кажа яна.

Ніна не выключае, што калісьці ейнае стаўленьне да нараджэньня сваіх дзяцей зьменіцца.

«Яшчэ год-паўтара таму я зусім ня бачыла дзяцей у сваім жыцьці. Мне здавалася і адчувалася, што я ніколі не захачу дзяцей. Цяпер я дапускаю магчымасьць, што пасьля 30–40 гадоў, магчыма, адчую нейкае жаданьне нарадзіць», — кажа Ніна.

Яна мяркуе, што нават калі такое жаданьне зьявіцца, для гэтага ў іх павінна быць уласнае жытло, пэўны высокі даход сям’і, каб камфортна жыць і забясьпечыць добрае дзяцінства, выхаваньне і разьвіцьцё дзіцяці.

Папярэдняя хваля спаду нараджальнасьці

Псыхалягіня Анжаліка* (мы не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля ейнай бясьпекі. — РС) расказала, якія яна бачыць прычыны таго, што ў Беларусі сталі нараджаць менш дзяцей.

Анжаліка тлумачыць, што шэраг прычынаў меншай нараджальнасьці зьвязаны з дэмаграфічнымі працэсамі. Так, у 1980–1990-я гады таксама была ўпала нараджальнасьць, прычым амаль удвая: калі ў 1986 годзе ў краіне нарадзіліся 171 611 дзяцей, то ў 1996 толькі 95 798. А цяпер дзеці таго пэрыяду патэнцыйна могуць станавіцца бацькамі.

Эканамічны спад

Рэзкае зьніжэньне нараджальнасьці ў апошняе дзесяцігодзьдзе фактычна пачалося ў 2017 годзе. Тады ў Беларусі нарадзіліся больш за 102 тысячы дзяцей. А годам раней — больш за 117 тысяч. Адбыўся спад адразу на 15 тысяч чалавек.

Навагодняя ялінка ў Музэі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота

Анжаліка тлумачыць, што ў той час у людзей пабольшала жыцьцёвай няпэўнасьці. Яна прыгадвае, што людзі студэнцкага і працоўнага ўзросту пачалі выяжджаць зь Беларусі яшчэ да 2020 году — праз эканамічныя прычыны.

«А людзі ў такім узросьце хутчэй за ўсё могуць нараджаць дзяцей», — зьвяртае ўвагу яна.

У 2014–2015 гадах адбыўся чарговы моцны скачок курсу даляра. За тыя два гады ён вырас прыкладна ўдвая. Рэальныя даходы беларусаў расьлі да 2014 году, а ў 2015–2017 гадах сталі падаць.

Праца і адукацыя

Суразмоўца адзначае яшчэ адну прычыну спаду нараджальнасьці, зьвязаную з дэмаграфіяй, — пасьля 2020 году пачалася вялікая хваля эміграцыі беларусаў, зьвязанай з палітычным перасьледам. Паводле розных ацэнак, эмігравалі ад 350 тысяч да мільёна беларусаў.

Анжаліка тлумачыць, што ў беларусаў апошнім часам зьмяніліся прыярытэты на карысьць не дзяцей, а працы. Маці, якая ідзе у адпачынак для догляду за дзіцём, на думку суразмоўцы, траціць свой статус на працы, робіць крок назад у прафэсійным разьвіцьці.

«Калі глядзець з псыхалягічнага боку, дзіця выхаваць цяжка. Гэта ня толькі выхаваньне, але патрабаваньне сыстэмы, школы, гурткі. Гэта патрабуе часу, гэта каштуе сродкаў, гэта адказнасьць. Больш людзей хочуць адно дзіця ці дваіх нараджаць», — кажа псыхоляг.

Цяжкое дзяцінства

Паводле псыхоляга, на нежаданьне нараджаць уласных дзяцей уплывае тое, у якіх умовах рос чалавек.

«Чым больш траўматызаванае, цяжкае дзяцінства было ў чалавека, тым менш яму хочацца нараджаць сваіх дзяцей. Нараджаць дзіця, маючы ўсьведамленьне свайго цяжару, ня ў змозе даць яму тое, што хацеў бы… Траўматызацыя — калі быў гвалт, або сямейны алькагалізм, або калі дзіця расло само па сабе. Тое, з чым дзіцяці было цяжка даваць рады. Ёсьць асабісты страх: маё дзіця сутыкнецца з тым, што перажыў я», — тлумачыць Анжаліка.

Дзеці з патрыятычнага клюбу салютуюць міністру ўнутраных справаў Івану Кубракову. Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ адно наступства цяжкога дзяцінства, паводле суразмоўцы, у тым, што такі чалавек, калі вырастае, па-ранейшаму можа бачыць сьвет навокал небясьпечным, непрадказальным. Такі дарослы можа задаваць сабе пытаньне, навошта нараджаць дзіця ў такі сьвет.

Выконваў ролю бацькоў у дзяцінстве

Сярод тых, хто ня хоча нараджаць дзяцей, ёсьць людзі, якія ў сваім дзяцінстве былі вымушаныя выконваць ролю бацькоў, дадае псыхоляг. Гэтая зьява называецца парэнтыфікацыя. Прыкладам, калі такое дзіця мусіла апекавацца малодшымі — братам ці сястрой, а часам нават старэйшымі. Здараецца таксама, што дзіця псыхалягічна становіцца бацькам ці маці ўласным бацькам або сваім дзеду ці бабе.

«Гэты досьвед апекі для дзіцяці быў нечым цяжкім. Таму ня хочацца зноў кімсьці апекавацца», — кажа адмыслоўца.

Яна дадае, што адмова мець дзяцей можа быць і несьвядомай.

Якасьць стасункаў

Псыхоляг заўважае, што зьмяніліся стасункі паміж маладымі людзьмі. Калі раней натуральным працягам стварэньня пары было нараджэньне дзяцей, то цяпер маладым людзям цяжэй нават аб’яднацца ў пару.

«У пары не заўсёды адчуваецца бясьпека, блізкасьць. Ня хочацца далей паглыбляць стасункі. Разам з розных прычын — бо жытло здымаем разам. Мне здаецца, што чым маладзейшыя людзі, тым яны менш сьвядомыя для таго, каб стварыць сужэнства. Яны больш хочуць кагосьці мець каля сябе, трэнуюцца быць у пары, дасьледуюць сябе ў адносінах, такі тэставы рэжым», — кажа экспэртка.

Ілюстрацыйнае фота

Яна заўважае, што пары больш задумваюцца пра сям’ю і нараджэньне дзяцей пасьля 30, гэты ўзроставы парог стаў большым, чым раней. Аднак чым старэйшая жанчына, тым больш імаверна, што будзе складана зацяжараць і нарадзіць дзіця.

Турма, эміграцыя, войны, няўпэўненасьць у будучыні

Паводле Анжалікі, умовы, у якіх жывуць беларусы ў Беларусі і сьвеце, таксама не спрыяюць нараджэньню дзяцей. Людзі не адчуваюць бясьпекі.

Калі адзін з сужэнцаў сядзіць у турме праз палітычны перасьлед, зачаць дзіця фізычна немагчыма. Людзі выходзяць на волю часта з пагоршаным фізычным здароўем, і гэта зноў жа перашкаджае зачацьцю. Прычынаю зьніжанай фэртыльнасьці можа быць і перажыты стрэс.

«Калі людзі вяртаюцца з турмы, гэта ўжо будаваньне новых адносінаў (у пары. — РС), бо кожны сутыкнуўся з уласнай трагедыяй і вымушаны быў пражываць гэта самастойна, а ня разам, бо камунікацыя вельмі цярпіць, калі хтосьці ў вязьніцы», — тлумачыць псыхоляг.

Яшчэ адна перашкода для нараджэньня дзяцей — эміграцыя.

«Эміграцыя для сем’яў як землятрус. Многія пары не вытрымліваюць, распадаюцца. Ня маюць рэсурсу, каб даць рады ўсяму, асабліва калі гэта эміграцыя вымушаная… Калі ты ў іншай краіне, калі трэба адаптавацца, апошняе, пра што ты будзеш думаць, гэта пра зачацьце дзяцей», — кажа Анжаліка.