У Міністэрстве адукацыі патлумачылі, ці павінны бацькі пацьвярджаць, што дзеці вучацца за мяжой

Першы званок для першаклясьнікаў у адной зь менскіх школаў. Архіўнае фота

У Міністэрстве адукацыі Беларусі ўдакладнілі, што бацькі непаўналетніх дзяцей, якія зарэгістраваныя ў Беларусі, але жывуць за межамі краіны, не павінны падаваць у школы Беларусі дакумэнты, якія пацьвярджаюць іхнае навучаньне ў месцы жыхарства за мяжой.

«Гэта датычыць і выпадкаў прыезду на канікулы непаўналетніх дзяцей — грамадзян Беларусі, якія жывуць і вучацца за мяжой», — адзначылі ў міністэрстве.

Так у ведамстве адрэагавалі на пытаньні, якія пачалі абмяркоўваць беларусы замежжа праз зьмены ў Кодэксе аб адукацыі, што пачынаюць дзейнічаць з 1 верасьня.

У прыватнасьці, паводле Кодэксу бацькі цяпер мусяць забясьпечыць вучобу сваіх дзяцей у школах Беларусі. Дыстанцыйна атрымаць агульную сярэднюю адукацыю ў Беларусі будзе немагчыма.

Раней у Міністэрстве адукацыі паведамлялі, што дзеці, якія жывуць разам з бацькамі за межамі Беларусі, ня мусяць канечне вучыцца ў беларускіх школах. У той жа час замежныя грамадзяне, якія жывуць у Беларусі, павінны вучыцца ў школах краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 верасьня беларусаў абавязалі вучыць дзяцей на радзіме. Міністэрства адукацыі патлумачыла, ці тычыцца гэта тых, хто жыве за мяжой