Ужо сёньня: 100 гадоў Янку Сурвілу; 25 гадоў інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat

Кіраўнік бібліятэкі Kamunikat Яраслаў Іванюк

Падзеі 20 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1531 — Слонім атрымаў Магдэбурскае права ад вялікага князя Жыгімонта Старога.

1606 — у Магілёве пачалося мяшчанскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча. Месьцічы й рамесьнікі занялі ратушу. Паўстанцы абралі новую гарадзкую раду, якая кіравала ажно 2 гады.

1948 — адкрылася для наведнікаў філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы.

Помнік Янку Купалу ў Вязынцы

2000 — заснаваная інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш асноўны чытач і слухач застаецца ў Беларусі». Размова з кіраўніком бібліятэкі «Камунікат»

У гэты дзень нарадзіліся

1566 Жыгімонт Ваза, вялікі князь літоўскі і кароль польскі, кароль швэдзкі. Зацьвердзіў Статут ВКЛ, падтрымаў царкоўную вунію, штурхануў нашых продкаў на дзьве інтэрвэнцыі ў Маскоўскае княства, у выніку якіх на два гады ў расейцаў была адабраная Масква і ў абшары Вялікага княства быў вернуты Смаленск.

Жыгімонт Ваза


1740 Юзэф Сангушка, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. На сойме 1767–1768 гадоў абвясьціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцьце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

1843 Фёдар Стравінскі, опэрны сьпявак, бас, бацька кампазытара Ігара Стравінскага. Нарадзіўся ў Новым Двары Рэчыцкага павету.

1899 — Андрэй Бурдзейка, гісторык права ў ВКЛ, ахвяра сталінізму.

1908Уладзімер Галубовіч, беларускі і польскі археоляг.

1925Янка Сурвіла, грамадзкі дзяяч на эміграцыі, у 1958–1965 арганізатар і вядоўца беларускіх радыёпраграмаў Гішпанскага радыё.

Янка Сурвіла за падрыхтоўкай беларускай праграмы на нацыянальным радыё Гішпаніі, 1958

1928 Гаўрыла Вашчанка, жывапісец, народны мастак Беларусі.

Гаўрыла Вашчанка

1934 Юры Візбар, савецкі кінаактор, журналіст, бард, адзін з пачынальнікаў савецкай аўтарскай песьні.

Юры Візбар


1939Валеры Раеўскі, беларускі тэатральны рэжысэр, на працягу 35 гадоў быў галоўным рэжысэрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

Валеры Раеўскі

1963Сяргей Кавалёў, драматург і літаратуразнаўца.

У памяці

1964 Пётра Сыч, пісьменьнік, журналіст, вязень ГУЛАГу, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Першыя журналісты Беларускай службы Радыё Свабода: (зьлева направа) Сымон Кабыш, Пётра Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч

2008 Мацей Смаршчок, доктар мэдыцыны, паэт, культурны і грамадзкі дзяяч.