Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду ў зьняволеньні споўнілася 25 гадоў


Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў судзе, 2022 год
Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў судзе, 2022 год

Пяты раз запар Акіхіра Гаеўскі-Ханада сустракае дзень народзінаў за кратамі. 18 чэрвеня актывісту анархісцкага руху споўнілася 25.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада — былы студэнт БДУ, да затрыманьня ў 2020 годзе вучыўся ў ЭГУ, быў актывістам анархісцкага руху Беларусі. Ён сын спартовага трэнэра Сьвятаслава Гаеўскага з Слуцку і супрацоўніцы амбасады Японіі ў Беларусі Тамокі Ханады.

Яшчэ ў 2022 годзе ад маці анархіста Аляксандра Францкевіча Тацяны Францкевіч стала вядома, дзе затрымалі Акіхіру і як зь ім абыходзіліся. Паводле жанчыны, гэта адбылося на трэці дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

«Акіхіра прыйшоў у госьці да Аляксандра, а тут прыехалі забіраць майго сына, дык разам прыхапілі і яго», — апавядала Тацяна Францкевіч журналістам. Паводле жанчыны, пры затрыманьні актывістаў моцна білі. «Мне паведаміў пра гэта яшчэ адзін затрыманы: яго выпусьцілі з „Валадаркі“ і ён расказаў, што Сашу і Акіхіру там білі і катавалі, каб яны падпісалі прызнаньне».

Цяпер Тацяна Францкевіч сама засуджаная і знаходзіцца ў няволі, зьвестак ад яе пра сына і ягонага сябра няма.

У крымінальнай справе, у якой у 2022 годзе судзілі Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, фігуравалі яшчэ 9 чалавек, у тым ліку праваабаронца Марыя Рабкова, анархіст Аляксандар Францкевіч, валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк. Справа складалася з 160 тамоў, Менскі гарадзкі суд разглядаў яе больш як чатыры месяцы ў закрытым рэжыме. Акіхіру інкрымінавалі 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам пра «арганізацыю масавых беспарадкаў». Менскі гарадзкі суд прысудзіў яму 16 гадоў, але ў выніку апэляцыі ў Вярхоўным судзе тэрмін зьменшылі на тры месяцы. Вядома, што Акіхіра не прызнаў сябе вінаватым, да прысуду ён падрыхтаваў апошняе слова, у якім працэс параўноўваў з спэктаклем. Тэкст прамовы заканчваўся словамі «No pasaran!», «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне!».

Паводле праваабаронцаў, першыя тры гады пасьля суду Акіхіра адбываў у шклоўскай калёніі № 17, дзе трапляў у ШЫЗА і ПКТ. Дакладна вядома, што ў 2024 яму прысудзілі турэмны рэжым і ўлетку перавялі ў крытую турму № 4 у Жодзіне.

Сябры Акіхіры Гаеўскага-Ханады, зь якімі зьвязалася «Свабода», сказалі, што даўно ня маюць ад яго зьвестак.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG