Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія забараніла набываць нерухомасьць грамадзянам Беларусі і Расеі


Рыга, архіўнае фота
Рыга, архіўнае фота

І абслугоўваць у банках па-расейску.

19 чэрвеня парлямэнт Латвіі прыняў закон «аб абмежаваньні ўгодаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы краіны». Грамадзянам Беларусі і Расеі, а таксама юрыдычным асобам з гэтых краін, цяпер нельга купляць нерухомасьць у Латвіі, перадае «Настоящее время».

Гэтыя абмежаваньні не закрануць тых, хто мае дазвол на сталае жыхарства ў Латвіі або статус пастаяннага жыхара Эўразьвязу.

З 19 чэрвеня латвійскім банкам таксама забаранілі абслугоўваць кліентаў па-расейску. На выбар кліентаў — латыская або адна з афіцыйных моў ЭЗ. Новыя правілы тычацца інтэрнэт-старонак банкаў, службаў кліенцкай падтрымкі і абслугоўваньня ў аддзяленьнях.

У латвійскіх банкаматах расейская мова ў мэню адсутнічае ўжо некалькі месяцаў, піша «НВ».


Раней грамадзянам Беларусі і Расеі забаранілі працаўладкоўвацца або аказваць паслугі ў галіне крытычнай інфраструктуры, то бок у сфэрах, зьвязаных з доступам да інфармацыі або абсталяваньня, зьвязаных з важнымі грамадзкімі аб’ектамі. Праца на такіх абʼектах для беларусаў і расіян магчымая толькі пасьля атрыманьня спэцыяльнага дазволу ад нацыянальнага органа бясьпекі. А таксама станавіцца ўладальнікамі, бэнэфіцыярамі або кіраўнікамі абʼектаў крытычнай інфраструктуры эўрапейскага значэньня.

Дзяржаўным службоўцам Латвіі забаранілі езьдзіць у Беларусь і Расею — гэта тычыцца асоб, якія маюць доступ да дзяржаўнай таямніцы ў сфэры бясьпекі крытычнай інфраструктуры, супрацоўнікаў Міністэрстваў абароны, унутраных спраў, юстыцыі, дыпляматычнай і консульскай службы, пракуратуры і судоў. Парушэньне гэтай забароны будзе лічыцца падставай для скасаваньня працоўных адносін.

Сёлета ў Латвіі ўзмацнілі адказнасьць за парушэньне санкцый супраць Беларусі і Расеі. Калі сума парушэньня большая за 10 тысяч эўра — гэта крымінальнае злачынства.

Летась у Латвію «зь меркаваньняў бясьпекі» забаранілі ўезд 1302 замежным грамадзянам, у тым ліку 137 грамадзянам Беларусі і 401 грамадзяніну Расеі.

Латвія таксама забараніла ўезд на сваю тэрыторыю некаторым грамадзянам Расеі, якія валодаюць нерухомасьцю побач з стратэгічнымі абʼектамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG